Наш край – наш лёс

27 чэрвеня 2019 г. у аддзеле мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага адбылося адкрыццё новай выставы “Наш край – наш лёс”, прысвечанай 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці, у межах творчага праекта “Дакрануцца да гісторыі”.

Да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлена звыш пяцісот унікальных экспанатаў з фонду абласной бібліятэкі і прыватных калекцый гродзенцаў Аляксандра Сявенкі і Алега Ярша.

На выставе размешчаны шматлікія рарытэтныя фотаздымкі, арыгінальныя дакументы, памятныя медалі і граматы, каштоўныя кнігі, буклеты, паштоўкі, а таксама некаторыя вырабы прадпрыемстваў вобласці. На старых здымках можна ўбачыць вядомых пісьменнікаў Васіля Быкава і Аляксея Карпюка, спартсменаў, якія праславілі Гродзеншчыну: Вольгу Корбут, Ірыну Шылаву, Ігара Басінскага, Аляксандра Курловіча, знакамітых архітэктараў і г.д.

Пачэснае месца ў экспазіцыі займаюць: афіша футбольнага матча, які праходзіў у Гродне ў 1968 годзе, зборнікі твораў паэтаў і пісьменнікаў Гродзеншчыны “Неман”, выдадзеных у 1956 і 1958 гг., папулярныя рэспубліканскія і саюзныя выданні, якія выпісвалі жыхары нашага рэгіёна, прадметы прадукцыі асобных прадпрыемстваў Гродзеншчыны, у тым ліку калекцыя вырабаў з каляровага шкла Бярозаўскага шклозавода “Неман” 1940-1990 гг., транзістарныя радыёпрыёмнікі 1980-х гадоў і прасы 1960-1970 гг. Гродзенскага завода “Радыёпрыбор” і г.д.

Адзін з раздзелаў прысвечаны 75-годдзю вызвалення Гродзеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Большасць экспанатаў дэманструюцца ўпершыню.

Падчас адкрыцця выставы экскурс у гісторыю Прынеманскага края зрабіў Аляксандр Сяргеевіч Горны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. З асаблівасцямі развіцця галіны культуры прысутных пазнаёміў Марк Аляксандравіч Коп, вядомы дзеяч культуры Гродзенскай вобласці, кампазітар. Намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык расказаў пра сучасную дзейнасць творцаў слова Гарадзеншчыны і прачытаў уласны твор, прысвечаны малой радзіме. Алена Віктараўна Кучынская, загадчык аддзела краязнаўства абласной бібліятэкі, прадставіла агляд цікавых фактаў і найбольш значных падзей з жыцця Прынеманскага краю, пачынаючы з 1944 года.

Добры настрой прысутным падаравала выступленне народнага ансамбля песні “Гармонія”, пад кіраўніцтвам Алы Салей.

Выстава “Наш край – наш лёс” будзе дзейнічаць у аддзеле мастацтва (вул. Савецкая, 25) да 1 кастрычніка 2019 года.

Даведкі па тэл.: 62 03 12.

Шчыра запрашаем!