А ці ведаеце вы, што…(1995-1999)

У 1995 г. гарадскі пасёлак Бярозаўка Лідскага раёна атрымаў статус горада.

20 кастрычніка 1995 г. у адну адміністрацыйную адзінку аб’яднаны раёны і іх цэнтры: г.п. Вялікая Бераставіца і Бераставіцкі раён, г.п. Воранава і Воранаўскі раён, г. Дзятлава і Дзятлаўскі раён, г.п. Зэльва і Зэльвенскі раён, г.п. Іўе і Іўеўскі раён, г.п. Карэлічы і Карэліцскі раён, г. Масты і Мастоўскі раён, г.п. Астравец і Астравецкі раён, г. Ашмяны і Ашмянскі раён, г.п. Свіслач і Свіслацкі раён, г. Шчучын і Шчучынскі раён.

5 лістапада 1996 г. – г. Смаргонь і Смаргонскі раён, 22 жніўня 1997 г. – г. Навагрудак і Навагрудскі раён, 1 снежня 1998 г. – г. Ваўкавыск і Ваўкавыскі раён.

У 1995 г. у Гродзенскай вобласці створаны пажарны аварыйна-выратавальны атрад, які выконваў усе віды аварыйна-выратавальных работ на тэрыторыі вобласці.

У 1995 г. у Гродне адроджанай эвангеліцка-лютэранскай абшчыне перададзена кірха, якая цяпер з’яўляецца адзіным дзеючым у Беларусі лютэранскім храмам.

У 1995 г. у Астравецкім раёне створаны ансамбль народнай песні “Кемеліна”; у 1997 г. у Слонімскім раёне – народны вакальны ансамбль народнай песні “Жывіца”; у 1998 г. – гродзенскі ансамбль танца “Гарадзенскія карункі”.

У 1995 г. у Гродне заснавана ТДА “фірма АВС”, у 1996 г. – КСА ТАА “Гродфуд”, у 1997 г. – ААТ “Слонімскі аўтарамонтны завод”, СТАА “Контэ Спа” (г. Гродна), у 1999 г. – ААТ “Тайфун” (г. Гродна), СТАА “Бел-Пласт Інтэрнэшнл” (г. Ліда).

У 1995 г. у Гродне адчынена Галерэя імя А.Тызенгаўза, 23 ліпеня 1996 г. – адзіны ў Беларусі музей-аптэка – дзеючая аптэка з музейнай экспазіцыяй.

24-26 мая 1996 г. у Гродне адбыўся І Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.

У 1996 г. на XXVI Алімпійскіх гульнях “суверэнныя” медалі для Рэспублікі Беларусь выйгралі гродзенцы Уладзімір Дуброўшчык, Аляксандр Паўлаў, Валянцін Цыленць.

У 1996 г. у Гродне адчынена першая ў суверэннай Беларусі школа з польскай мовай навучання.

У чэрвені 1997 г. створаны бізнес-форум “Еўрарэгіён “Неман”.

У 1997 г. у Мастах прайшло рэспубліканскае свята “Дажынкі – 1997”.

У 1998 г. заснаваны Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Сарачанскія азёры” ў Астравецкім раёне і Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Замкавы лес” – у Ваўкавыскім.

11 снежня 1999 г. у Гродне адбылося ўрачыстае адкрыццё Лядовага палаца спорту.

А ці ведаеце вы, што…