Спорт – гэта модна і стыльна: да ІІ Еўрапейскіх гульняў

Рэспубліка Беларусь сёлета мае гонар прымаць на сваёй зямлі больш 18000 удзельнікаў з 50 краін свету галоўнай мульціспартыўнай падзеі Еўропы – ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Менавіта з гэтай нагоды аддзел абанемента  прапануе пазнаёміцца з праглядам літаратуры “Спорт – гэта модна і стыльна”. Выстава змяшчае як выданні па гісторыі алімпійскага руху ў цэлым, па розных відах спорту, у тым ліку і заяўленных на ІІ Еўрапейскіх гульнях (Мінск, 21-30 чэрвеня 2019 года), так і ілюстрацыйна-інфармацыйны матэрыял аб спартыўных дысцыплінах, месцах правядзення спаборніцтваў, акрэдытаваных удзельніках гульняў і інш.

Прыцягвае ўвагу да прагляду літаратуры афіцыйны талісман ІІ Еўрапейскіх гульняў – энергічнае, пазітыўнае лісяня Лёсік, самы яркі персанаж нашай фаўны, які аб’ядноўвае энергію, агонь, жыццярадаснасць і хуткасць.

Цікавыя парады ад прафесіяналаў і аматараў падрыхтаваны ў раздзеле “Гармонія цела і духу” для тых, хто клапоціцца пра сваё здароў’е і дае рэгулярную нагрузку свайму арганізму, жадае заставацца маладым і актыўным, радзей хварэць. А раздзел “Формула чэмпіёнаў” змяшчае кнігі пра знакамітых алімпійцаў і іх рэкордах, сярод якіх беларускія спартсмены – нацыянальны асаблівы гонар краіны: чэмпіёны-прызёры алімпійскіх гульняў А.Бялова, А.Мядзведзь, В.Корбут, Я.Кароль, А.Ваўчэцкая і інш.

Для прыхільнікаў мастацкай кнігі падрыхтаваны цікавы раздзел “Спорт у творах мастацкай літаратуры”, дзе класічныя, аўтабіяграфічныя, дэтэктыўныя, прыгодніцкія выданні сусветнавядомых аўтараў знаёмяць са складаным мірам спорту: Л.Касіль, У.Набокаў, А.Марыніна, Д.Фрэнсіс, Дж.Мойес, А.Дзюма і інш.

Падчас правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў у абанементным аддзеле будзе дзейнічаць альтэрнатыўная фанзона, дзе наведвальнікі змогуць збірацца і глядзець трансляцыю самых захапляльных падзей на экране з розных спартыўных аб’ектаў.

Больш падрабязней пазнаёміцца з праглядам літаратуры запрашаем па адрасе: вул. Замкавая, 20, пак. № 9.

Даведкі па тэл.: 71 89 46.