Бібліятэкі Гродзеншчыны – пераможцы конкурсу

Сярод пераможцаў ХХVІІ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” – бібліятэчныя ўстановы Гродзеншчыны.

У намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” дыпломам першай ступені адзначана работа сельскай бібліятэкі аграгарадка Мураваная Ашмянка ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка”. Мураванаашмянскай сельскай бібліятэкай рэалізаваны праект “Стварэнне клуба старастаў вёсак “КУТ”, які прафінансаваны Еўрасаюзам у межах праграмы міжнароднай гуманітарнай дапамогі. У выніку яго рэалізацыі пры бібліятэцы дзейнічае клуб старастаў вёсак “КУТ”, створаны сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, набыта новае абсталяванне і працуе валанцёрскай група па абслугоўванні людзей сталага ўзросту.

Дыплом другой ступені ў гэтай намінацыі атрымала бібліятэка-філіял № 3 ДУК “ЦБС г. Гродна”. У аснове навацыі ўстановы – адкрыццё музейнага пакоя “Лялечны дом” з 18-цю тэматычнымі экспазіцыямі, арганізацыя працы аматарскага клуба “Гарадзенская лялька”.

У намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” дыплом трэцяй ступені – у ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка”. З мэтай збору краязнаўчай інфармацыі супрацоўнікі бібліятэкі здзейснілі 7 пошукавых экспедыцый, сабралі багаты фактаграфічны матэрыял, мноства фотаздымкаў, занатавалі ўспаміны старажылаў раёна. Матэрыял шырока выкарыстоўваецца ў правядзенні сацыякультурных мерапрыемстваў і ства рэнння электронных баз дадзеных асабістай генерацыі.

Раклевіцкая сельская бібліятэка – цэнтр традыцыйная культуры ДУК “Дзятлаўская раённая бібліятэка” перамагла ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” і ўзнагароджана дыпломам другой ступені. Асобае месца ў рабоце бібліятэчнай установы займае папулярызацыя беларускай літаратуры. Шматлікія мерапрыемствы праводзяцца ў межах праектаў, праграм і акцый: “Жывуць традыцыі – квітнее зямля”, “ЛетаЧытанне”, “Летнія маршруты кнігі і чытання” і інш.

Іўеўская дзіцячая бібліятэка-філіял ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка” таксама актыўна працавала ў межах праектаў па папулярызацыі кнігі і чытання: “Зазірнуць у мінулае”, “Беларускі чацвер”, “Тэатр у кнізе” і г.д. Штотыднёва супрацоўнікі бібліятэкі праводзілі “Пятнічныя чытанні” для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У дадзенай намінацыі Іўеўская дзіцячая бібліятэка атрымала дыплом трэцяй ступені.

Акрамя таго, заахвочвальныя прэміі прысуджаны філіялам “Гарадская дзіцячая бібліятэка імя Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна” ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа” і “Радунская гарпасялковая бібліятэка” ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

У гарадской дзіцячай бібліятэцы імя Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна плённа працуе літаратурна-краязнаўчая гасцёўня “Краяведайкі”, наладжана работа па сацыялізацыі дзяцей і падлеткаў у межах мэтавай праграмы “Яны адчуваюць патрэбу ў нашай дапамозе” і са шматдзетнымі сем’ямі.

Радунскай гарпасялковай бібліятэкай значна пашырана дабрачынная дзейнасць, разам з дзецьмі праводзяцца акцыі, дні добрых паслуг, арганізоўваюцца наведванні людзей сталага ўзросту і інвалідаў па месцы жыхарства. Распрацаваны і дзейнічаюць праекты і праграмы: “Мая малая Радзіма”, у межах якога створаны летапіс “Таленавітыя і адораныя людзі – нашы землякі”, “Сторысек”, “Кніжны чамаданчык”, “Сям’я і кніга – чытаем разам”.

Узнагароджанне пераможцаў ХХVІІ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” адбудзецца падчас правядзення рэспубліканскага Дня беларускага пісьменства ў г. Слонім.

Шчыра віншуем!