Станіслаў Манюшка – прадстаўнік славянскага рамантызму

4 чэрвеня ў аддзеле мастацтва прайшла вечарына-прысвячэнне “Станіслаў Манюшка – прадстаўнік славянскага рамантызму”, арганізаваная сумесна з факультэтам мастацтва і дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы.

Госці мерапрыемства пазнаёміліся з біяграфіяй і творчым шляхам вядомага кампазітара, які нарадзіўся і вучыўся на беларускай зямлі. Вялікую цікавасць выклікалі невядомыя моманты з яго юнацтва, гадоў вучобы, сямейных адносін.

Бібліятэкар універсальнай чытальнай залы абласной бібліятэкі Андрэй Ціхаміраў выступіў з тэмай “Манюшка і Гродзеншчына” і падзяліўся ўражаннямі ад оперы “Галька”, на прэм’еры якой ён прысутнічаў у Польшчы. У працэсе вечарыны публіцы былі прапанаваны некалькі версій розных пастановак оперы “Галька”. Прафесар, доктар гістарычных навук універсітэта імя Я.Купалы С.В. Марозава выступіла з прэзентацыяй аб ушанаванні памяці Станіслава Манюшкі на Беларусі.

Напрыканцы вечарыны ўдзельнікі пазнаёміліся з экспанатамі, якія маюць дачыненне да С.Манюшкі, з прыватнай калекцыі краязнаўца А.Сявенкі.