“Беларусь помніць: памятнае лета 1944 года”

У абанементным аддзеле арганізаваны прагляд літаратуры “Беларусь помніць: памятнае лета 1944 года” з цыкла “Радзімай сваёй ганаруся”, прымеркаваны да Года малой Радзімы.

Да 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раздзеле выставы “Хроніка гістарычных падзей” прадстаўлены навуковыя, архіўныя, мемуарна-дакументальныя выданні, якія падрабязна ўзнаўляюць шматпланавую карціну поўнага вызвалення беларускай зямлі.  Чытачам прапануюцца шматлікія кнігі, дзе акцэнтавана ўвага на злачынных дзеяннях акупацыйнага рэжыму, раскрыты змест, формы і спосабы супраціўлення партызан і падпольшчыкаў захопнікам, асветлены ключавыя аспекты ваеннага мастацтва, характэрныя для правядзення беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён”.

Памяць пра загінуўшых захоўваецца ў сэрцах іх родных і блізкіх. Каб увекавечыць гэты напамін, па ўсёй краіне былі ўзведзены і штогод адкрываюцца новыя помнікі і мемарыяльныя комплексы. Дальва, Трасцянец, Хатынь, Брэсцкая крэпасць, Курган Славы… Пра гэтыя нямыя сведкі гісторыі можна даведацца з раздзела выставы “Сімвалы мужнасці і гераізму”.

Вялікая Айчынная вайна ўвасоблена ў розных жанрах літаратуры, якія выходзяць у серыях: “Дзеці вайны”, “Моя война”, “Памяць Великой Победы” і інш. Творы мастацкай літаратуры – гэта не толькі аповед пра гераічныя чалавечыя лёсы, але і своеасаблівы духоўны запавет людзей, якія ведаюць сапраўдную цану Перамогі, сённяшнім і наступным пакаленням.

Запрашаем у аддзел абанемента па адрасе: вул. Замкавая, 20, п.№9.