Чыталі разам творы пра герояў Вялікай Айчыннай вайны

2 мая 2019 года ў ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” прайшла чарговая сустрэча ў межах абласной акцыі “Чытаем разам”. Падчас трынаццатага па ліку мерапрыемства прагучалі творы пра герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Ганаровы госць – Валянціна Пятроўна Баранава, ветэран Вялікай Айчыннай вайны і паважаны сябар бібліятэкі. Валянціна Пятроўна задала эмацыйны і бадзёры настрой імпрэзе, прадэкламаваўшы на памяць некалькі вершаў, напісаных аднапалчанамі.

Удзел у акцыі прынялі студэнты, навучэнцы каледжаў, школьнікі, кадэты, чытачы бібліятэкі. Яны чыталі творы ваеннай тэматыкі П.Панчанкі, А.Вярцінскага, П.Броўкі, В.Быкава, Я.Купалы, Е.Лось, Э.Асадава, Г.Бураўкіна і іншых пісьменнікаў. У творах гэтых аўтараў паказана гераічная барацьба народа, які набліжаў Перамогу, дзе байцы і камандзіры, жанчыны і дзеці стаялі насмерць у імя Айчыны і сталі салдатамі вялікага Подзвігу. Верш уласнага сачынення “Дзень Перамогі” кранальна прагучаў у выкананні вучаніцы 6 “Б” класа сярэдняй школы № 28 Валерыі Акудовіч.

Напрыканцы сустрэчы ўсе прачыталі разам верш Ніла Гілевіча “Часцей, часцей прыпамінай…”, які з’яўляецца своеасаблівым заклікам помніць тых, хто аддаў сваё жыццё за мір на нашай зямлі.

Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з выставай літаратуры “Чытаем разам творы пра герояў Вялікай Айчыннай вайны”, дзе былі прадстаўлены выданні ваеннай тэматыкі, якія з’яўляюцца неўміручым помнікам вялікаму подзвігу народа.