“Песні вайны. Песні пра вайну”

Паважаныя чытачы!

Аддзел мастацтва прапануе вашай увазе выставу “Песні вайны. Песні пра вайну”, якая прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На выставе прадстаўлены зборнікі ваенных песень з апісаннем гісторыі іх стварэння і звесткамі пра аўтараў і выканаўцаў, нотныя выданні, CD-дыскі і ўнікальныя грампласцінкі з песнямі ваенных гадоў і пасляваеннага перыяду ў выкананні папулярных спевакоў і артыстаў савецкага часу.

Музыка ваенных гадоў натхняла савецкі народ на барацьбу з ворагам. Менавіта песню называюць першым байцом сярод вайсковых муз: яна гуртавала воінаў, дапамагала пераадолець цяжкасці франтавога жыцця, падымала баявы дух.

З першых дзён вайны музычным заклікам да барацьбы стала “Священная война” А. Аляксандрава на словы В. Лебедзева-Кумача. Ваенная тэма шырока прадстаўлена ў творчасці беларускіх кампазітараў Н. Аладава, А. Багатырова, І. Люба, Р. Пукста, Ю. Семянякі, Я. Цікоцкага. Кампазітару В. Алоўнікаву належыць цыкл партызанскіх песень (“Партизанская походная”, “Лесная песня”, “Партизаны идут”, “Партизанские окопы”) і серыя песень-партрэтаў пра герояў вайны: К. Заслонава, Л. Даватара, Н. Гастэлу, Д. Карбышава. Гераічныя песні-маршы і гімны, лірычныя і жанравыя замалёўкі ствараліся на тэксты А. Астрэйкі, П. Броўкі, П. Глебкі, Я. Купалы, М. Машара, П. Панчанкі, М. Танка.

І ў нашы дні франтавыя песні маюць важнае значэнне: гэта памяць пра тыя гады, калі ў экстрэмальных умовах, на мяжы жыцця і смерці людзі стваралі і выконвалі песні, якія дапамагалі ім выстаяць у цяжкі час і здзяйсняць подзвіг у імя Перамогі, памятаць пра свой дом, марыць аб мірным жыцці, аб сустрэчы з любімымі, роднымі і блізкімі.

Матэрыяламі можна карыстацца ў чытальнай зале аддзела мастацтва, рабіць неабходныя ксеракопіі, а гукаматэрыялы – алічбаваць і запісаць на электронны носьбіт.

Выстава будзе працаваць у аддзеле мастацтва (вул. Савецкая, 25) да 3 чэрвеня.

Тэл. для даведак 62-03-12

Будзем рады дапамагчы вам знайсці неабходны матэрыял!