Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін

18 красавіка ў Беларусі, як і ва ўсім сусвеце, адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін, які ўсталяваны ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін (ICOMOS), створанай пры ЮНЕСКА, з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў абароны і захавання сусветнай культурнай спадчыны. Упершыню, на міждзяржаўным узроўні, дзень помнікаў і гістарычных мясцін пачаў адзначацца 18 красавіка 1984 года.

Адным з найважнейшых дакументаў у галіне аховы помнікаў культуры і прыроды стала міжнародная Канвенцыя аб ахове Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. У Канвенцыі прапісана, што прыродныя і культурныя аб’екты, якія складаюць здабытак усяго чалавецтва і вартыя аховы і ўвагі сусветнай супольнасці па прадстаўленні дзяржаў, на тэрыторыі якіх яны знаходзяцца, уносяцца ў Спіс сусветнай спадчыны. У Беларусі ў Спіс сусветнай спадчыны ўключаны 4 помнікі: замкавы комплекс “Мір” (2000 г.), Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс (2005 г.), Нацыянальны парк “Белавежская пушча” (1979 г., 1992 г.) і геадэзічная дуга Струвэ (2005 г.).

Акрамя таго, у Беларусі дастаткова шмат гістарычных помнікаў, якія з’яўляюцца перспектыўнымі для ўключэння ў гэты прэстыжны спіс. Сярод іх – помнікі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гродзеншчыны: Каложская (Барысаглебская) царква ў г. Гродна (XII ст.) і царква абароннага тыпу ў в. Сынкавічы Зэльвенскага раёна (канец XV – пачатак XVI стст.). Помнікам сусветнага значэння годны стаць і Аўгустоўскі канал.

У “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі” ўключана 4,5 тысячы аб’ектаў архітэктуры, гісторыі і археалогіі. Многія з іх рэстаўрыруюцца.

За апошнія гады ў Беларусі створана шмат новых турыстычных маршрутаў, якія праходзяць па гістарычных мясцінах. Замкі, крэпасці, палацы, свецкія пабудовы і многія іншыя куткі Беларусі цікавыя не толькі беларусам, але і замежным турыстам.

Аддзел краязнаўства запрашае з 10 красавіка пазнаёміцца з адкрытым праглядам літаратуры “Велічныя замкі Гарадзеншчыны”, дзе прадстаўлены энцыклапедычныя выданні, кнігі, матэрыялы навуковых канферэнцый, публікацыі з перыядычнага друку, якія змяшчаюць інфармацыю пра мінулае і сучаснае помнікаў і гістарычных мясцін Гарадзеншчыны.

Таксама звяртаем асаблівую ўвагу на базу дадзеных “Гісторыка-культурныя каштоўнасці Прынёманскага краю”, размешчаную на сайце ўстановы,дзе прадстаўлены матэрыялы пра помнікі архітэктуры, археалогіі, гісторыі, горадабудаўніцтва, мастацтва Гродзенскай вобласці, адзначаныя ў “Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь”.