Сусвет амерыканскай кнігі

З 28 сакавіка да 5 красавіка ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Карскага ў межах творчага праекта “Пазнай свет праз кнігу” прайшоў Тыдзень амерыканскай кнігі.

Удзел ва ўрачыстам адкрыцці мерапрыемстваў прынялі павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь спадарыня Джэніфер Мур і дарадчык па эканамічных пытаннях Пасольства ЗША спадарыня Моніка Сэндэр.

У межах Тыдня ў аддзелах абслугоўвання абласной бібліятэкі дзейнічалі прагляды літаратуры, якія дапамаглі наведвальнікам пазнаёміцца бліжэй з вялікай краінай, яе цікавымі традыцыямі і падзеямі, законамі, асаблівасцямі і вядомымі прадстаўнікамі палітыкі, бізнеса, літаратуры і мастацтва.

Вялікую цікавасць у чытачоў абанементнага аддзела выклікала выстава “Сусвет амерыканскай літаратуры”, на якой былі прадстаўлены выданні, прысвечаныя гісторыі Амерыкі ад каланіяльнай пары да нашых дзён (Гуляев В.И. “Древние цивилизации Америки”; Вуд Г.С. “Идея Америки: размышления о рождении США”; Стоўн І. “Любовь вечна, или Мэри Тодд и Авраам Линкольн”; “Соединенные Штаты Америки: история, политика, культура: сборник научных статей”; Ріміні Р.В. “Краткая история США” і інш.).

Неад’емная частка культуры Амерыкі – яе літаратура, якая падарыла міру сотні яркіх імёнаў і тысячы цудоўна напісаных раманаў. Лондан, Фіцджэральд, Апдайк, Ванегут, По, О.Генры… для многіх чытачоў, прозвішчы гэтых аўтараў добра знаёмы. На выставе былі прадстаўлены і тыя пісьменнікі, чые творы папалі пад цэнзурную забарону і таемна перадаваліся з рук у рукі: Р.Брэдберы, К.Кізі, Д.Сэлінджэр, М.Твэн, Г.Бічэр-Стоў, Т.Драйзер і інш., а таксама шматжанравыя мастацкія кнігі, якія сталі лаўрэатамі прэстыжных Пулітцэраўскай і Букераўскай літаратурных прэмій. Асаблівае месца ў экспазіцыі займалі амерыканскія нобелеўскія лаўрэаты па літаратуры: Боб Дзілан, Сол Бэллоў, Уільям Фолкнер, Эрнэст Хемінгуэй, Тоні Моррысан, Перл Бак, Сінклер Льюіс, Энтані О’Ніл і інш.

Шырокую зацікаўленасць у гарадзенцаў і гасцей горада выклікалі амерыканскія кнігі ХІХ-першай пал. ХХ стст. з калекцыі рэдкіх выданняў абласной бібліятэкі. Тут захоўваюцца не толькі творы амерыканскіх пісьменнікаў: M.Twain (1911, 1915), J.F.Cooper, Nathaniel Hawthorne, John Fox (1908), Zane Grey (1938), Henry D. Thoreau, Will James (1928) і інш., але і англійскіх і французскіх пісьменнікаў, выдадзеных у друкарнях Амерыкі: George Eliot (1879), William de Morgan (1911), Phyllis Bottome (1925), Edward Bulwer Lytton, Robert Briffault (1935) і інш.

Прыкметнай асаблівасцю дадзеных кніг з’яўляецца наяўнасць асаблівых экслібрысаў. Некаторыя выданні прыйшлі на тэрыторыю Савецкага Саюза ў якасці гуманітарнай дапамогі ад Злучаных Штатаў Амерыкі ў гады Другой сусветнай вайны. У 40-я гады XX ст. на тэрыторыі ЗША разгарнулася поўнамаштабная праграма дапамогі савецкаму народу пад назвай “RUSSAIN WAR RELIEF”.

Падчас літаратурна-адукацыйнай праграмы “Чытаем разам на англійскай мове” дзеці ўпэўніліся якімі незвычайнымі, цікавымі і пазнавальнымі бываюць кнігі. Яны даведаліся аб тым, як ствараюцца POP-UP кніг, а таксама пазнаёміліся з самымі новымі 3D усплывальнімі, якія нядаўна з’явіліся ў аддзеле выданняў на замежных мовах. З вялікім задавальненнем хлопцы і дзяўчаты чыталі на англійскай мове “Прыгоды Пітэра Пэна” і “Чараўніка краіны Озз”, падарожнічалі разам з Алісай па Краіне цудаў, а таксама змаглі апынуцца ў Юрскім перыядзе і паназіраць за дыназаўрамі.

Чытачы абласной бібліятэкі прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні твораў амерыканскіх пісьменнікаў Сьюзен Колінз і Рэя Брэдберы, квэст-гульні “Фантастычныя прыгоды ў бібліятэцы”, прэзентацыі калекцый “Незвычайных кніг пра Амерыку” і іншых мерапрыемствах, якія дапамаглі бліжэй пазнаёміцца з такой далёкай краінай, як Злучаныя Штаты Амерыкі.