Вяртанне Анджэя Снядэцкага

27 сакавіка 2019 г. у Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага ў рамках творчага праекта “Яны праславілі Гродзеншчыну” прайшоў вечар памяці “Вяртанне Анджэя Снядэцкага”, прысвечаны вучонаму, філосафу, педагогу, медыку, стваральніку хімічнай школы і асноў біягеахіміі, заснавальніку рэгіянальнай біяарганічнай і медыка-біялагічнай навукі.

З дзейнасцю знакамітага вучонага, значная частка жыцця якога прайшла на Ашмяншчыне, удзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў Майсяёнак Андрэй Георгіевіч, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, прафесар, доктар біялагічных навук. Пра работу музея А.Снядэцкага, які створаны на базе Кальчунскай сярэдняй школы, расказала Давідовіч Таццяна Ягораўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстановы.

У рамках вечара адбылася прэзентацыя навукова-папулярнага даследавання А.Снядэцкага “Аб фізічным выхаванні дзяцей” у беларускамоўным перакладзе. Удзельнікі мерапрыемства адзначылі, што парады выпрацаваныя вучоным звыш 200 гадоў назад, актуальныя і на сённяшні час.

На выставе “Вяртанне Анджэя Снядэцкага” былі прадстаўлены энцыклапедычныя выданні, кнігі, зборнікі матэрыялаў навуковых канферэнцый, фотаматэрыялы з фонду абласной бібліятэкі, прысвечаныя чалавеку, які сваёй дзейнасцю праславіў Гродзеншчыну ў свеце.