Бібліятэка – тэрыторыя чытання

Дні чытання, прысвечаныя Сусветнаму дню чытання ўслых, прайшлі ў аддзеле выданняў на замежных мовах Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага 5 і 6 сакавіка.

Пачаліся мерапрыемствы з дэкламавання вершаў на нямецкай мове. Студэнты германа-раманскага аддзялення філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы чыталі паэтычныя творы і прысвячалі іх сваім любімым матулям і сяброўкам. Удзельнікі самі выбралі найбольш таленавітых дэкламатараў, якія атрымалі невялікія падарункі.

Марафон працягнуўся чытаннем на польскай мове. Вучні 8-9 класаў сярэдняй школы № 36 г.Гродна слухалі і чыталі ўрыўкі з філасоўскай казкі В.Росек аб праблемах моладзі. Адбылася дыскусія моладзі аб тым, як умець выходзіць з цяжкіх жыццёвых сітуацый і дапамагчы сабе і сябрам, якія апынуліся ў, здавалася б, бязвыхадным становішчы. Спатканне праходзіла ў мемарыльным пакоі, прысвечаным жыццю і творчасці Э.Ажэшкі, таму канешне ж узгадваліся моманты з жыцця пісьменніцы і абмяркоўваліся яе творы.