Знаёмства з французскай кнігай

У межах творчага праекта “Пазнай свет праз кнігу” з 4 да 10 лютага ў ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” прайшоў Тыдзень французскай кнігі. Удзел ва ўрачыстым адкрыцці прымалі начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Віктараўна Клімовіч, першы Саветнік Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Піке і аташэ ў галіне адукацыі Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Юго Флав’е.

На выставах літаратуры, якія дзейнічалі ва ўсіх аддзелах абслугоўвання, былі адлюстраваны кнігі і артыкулы пра Францыю, творы мастацкай літаратуры класікаў і сучасных аўтараў, а таксама сімвалы гэтай цудоўнай краіны.

Прыемна, што мерапрыемствы Тыдня выклікалі цікавасць у наведвальнікаў. Так, у дзіцячым філіяле, некалькі пакаленняў – бабулі, бацькі і дзеці – падзяліліся ўражаннямі ад прачытання прыгодніцкага рамана Аляксандра Дзюма “Граф Монте-Кристо”. У юнацкім філіяле адбылося абмеркаванне любімай многімі казкі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Маленький принц”. Чытачы абанементнага аддзела пазнаёміліся з мемуарна-дакументальнымі выданнямі пра знакамітых асоб: палкаводцаў, навукоўцаў, палітыкаў, акцёраў, пісьменнікаў, мастакоў, архітэктараў, мадэльераў Францыі, сярод якіх Блэз Паскаль, Клод Манэ, Марк Шагал, Мішэль Фуко, Клод-Ашыль Дэбюсі, Катрын Дэнёў, Жэрар Дзепардзье, Луі дэ Фюнес, Эдыт Піяф, Жан-Поль Бельмандо, Жанна Д’арк, Жуль Верн, Віктар Гюго, Жорж Санд, Гі дэ Мапасан, Марыс Друон, Како Шанэль, Крысціян Дзіор, Жак-Іў Кусто, Шарль дэ Голь, Напалеон Банапарт і інш. Творчасці выдатнага паэта і музыканта Жораж Брасэнса прысвячалася літаратурна-музычная кампазіцыя ў аддзеле выднняў на замежных мовах.

Вялікую аўдыторыю сабрала сустрэча з пісьменніцай з Францыі Ганнай Лазоўскі, якая распавяла пра сваю творчасць, пазнаёміла з творамі і адказала на пытанні прысутных.

Такім чынам, менавіта КНІГА дазволіла гродзенцам здзейсніць своеасаблівае падарожжа і пазнаёміцца бліжэй з такой далёкай і прыгожай Францыяй.