Адкрыццё Тыдня французскай кнігі

У 2019 г. калектывам ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” пачата праца ў межах новага творчага праекта “Пазнай свет праз кнігу”, які накіраваны на папулярызацыю чытання, а таксама кніг пра краіны свету і на мовах свету. На працягу года ў бібліятэцы пройдуць тыдні славянскай, польскай, нямецкай і амерыканскай кнігі.

Рэалізацыя творчага праекта пачалася з правядзення Тыдня французскай кнігі, урачыстае адкрыццё якога адбылося 4 лютага.

З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Віктараўна Клімовіч і Першы Саветнік Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, спадар Аляксандар Піке.

Цікава і пазнавальна прайшла творчая сустрэча з пісьменніцай і выкладчыцай з Францыі – спадарыняй Ганнай Лазоўскі, якая ўпершыню наведала Рэспубліку Беларусь і г. Гродна.

Г.Лазоўскі пазнаёміла прысутных са сваімі літаратурнымі дасягненнямі, прадставіла творы з новых кніг “Казкі славянскіх мудрацоў” і “Казкі скандынаўскіх мудрацоў”.

Вучнёўская і студэнцкая моладзь, настаўнікі і выкладчыкі, чытачы бібліятэкі з ахвотай задавалі пытанні пісьменніцы на французскай мове, а таксама выконвалі разам з госцяй псіхалагічныя заданні.