“Творы і творцы”: сустрэча з А.Апанасевічам

У 2019 г. працягваецца сумесны праект Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага і Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” – грамадска-літаратурная акцыя “Творы і творцы”.

27 студзеня наведвальнікі абанементнага аддзела сустрэліся з паэтам, публіцыстам, бардам, блогерам і мастаком, членам Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – Анатолем Апанасевічам. Ён адразу выклікаў прыхільнасць у прысутных сваім разнастайным талентам, дэкламаваў вершы са зборнікаў “Под фатальной тенью” и “Вечерний листопад”. А як ён цудоўна спявае пад акампанемент сваёй вернай спадарожніцы – гітары! У выкананні Анатоля Апанасевіча прагучалі песні на свае вершы і творы вядомых рускіх паэтаў Б.Пастэрнака і В.Брусава, творчасцю якіх ён захапляецца. А песня ўласнага сачынення “Гарадзенскі вальс” настолькі ўразіла слухачоў, што яе папрасілі выканаць на “біс”.

Эканаміст па адукацыі, Анатоль Уладзіміравіч расказваў пра захапленні жывапісам і скульптурай, пра жыццё і творчасць, аб тым, што ў творах самым галоўным для яго з’яўляецца ўнутраны свет верша.

Прысутныя выказалі самую шчырую зацікаўленасць паэтычна-мастацкім светам твораў А.Апанасевіча, задавалі пытанні.

Сустрэча прынесла мноства станоўчых эмоцый і ўпэўненасць, што ў такіх энергічных, творчых людзей усё атрымаецца.