Абласны семінар

29 лістапада ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” правялі абласны семінар “Тэндэнцыі развіцця публічнай бібліятэкі: рэаліі і патрэбы грамадства”. Удзел у семінары прымалі спецыялісты абласной бібліятэкі, загадчыкі аддзелаў бібліятэчнага маркетынгу раённых (гарадской) цэнтральных бібліятэк Гродзенскай вобласці.

З прывітальным словам да прысутных звярнуліся намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Віктараўна Куратчык і дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага Лідзія Васільеўна Мальцава. С.В. Куратчык нагадала ўдзельнікам мерапрыемства аб асноўных накірунках дзейнасці бібліятэчных устаноў Гродзенскай вобласці, дасягнненнях бібліятэчнай галіны, а таксама звярнула ўвагу на галоўныя аспекты работы ў будучым годзе.

У дакладзе намесніка дырэктара абласной бібліятэкі М.Э.Ігнатовіч быў зроблены аналіз работы публічных бібліятэк Гродзеншчыны і акрэслены задачы на перспектыву. Прэзентацыя электронных краязнаўчых баз дадзеных, якую правяла галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэказнаўства І.К.Лемяноўская, дала магчымасць выявіць памылкі пры стварэнні інфармацыйных рэсурсаў і знайсці шляхі іх выпраўлення.

З асноўнымі датамі і падзеямі на 2019 год у дапамогу планаванню пазнаёмілі загадчыкі аддзелаў краязнаўства і інфармацыйна-бібліяграфічнай работы А.В.Кучынская і Л.У.Здрадоўская.

Карысным для ўдзельнікаў быў і круглы стол “Арганізацыя метадычнай дзейнасці публічных бібліятэк рэгіёну”. З вопытам работы з калегамі па арганізацыі маркетынгавай дзейнасці, метадычнаму кіраванню і роляй метадычнай службы ў папулярызацыі гісторыі рэгіёну, пашырэнні турыстычнга патэнцыялу падзяліліся Марцінкевіч Д.А., загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Я.Купалы, Казарэз Н.У., загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Карэліцкай раённай бібліятэкі, Малюжэнец Ф.А., загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі.

З асаблівай увагай прысутныя слухалі Наземцаву Н.Ю., загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу ГЦБ імя А.Макаёнка г. Гродна, якая расказала пра сацыякультурную праектную дзейнасць, ход рэалізацыі праектаў і іх выніках.

З вялікім задавальненнем загадчыкі аддзелаў бібліятэчнага маркетыгну наведалі публічныя бібліятэкі ДУК “ЦБС г. Гродна”: спецыяльная бібліятэка для для інвалідаў па зроку ўразіла інклюзіўнымі праектамі ў дапамогу карыстальніку, а ў філіяле № 6 ішла гаворка пра інавацыйныя формы і метады эфектыўнага ўзаемадзеяння дзіцячай бібліятэкі і ўстаноў адукацыі па папулярызацыі кнігі і чытання.

Акрамя гэтага ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з работай першага ў Рэспубліцы Беларусь інтэрактыўнага цэнтра навукі і тэхналогій Мультыцэнтра “Совушка” і здзейснілі экскурсію па выставе “Вялікая і забытая: да 100-годдзя заканчэння Першай сусветня вайны”.