“Чыталі разам”… пра Вялікую Айчынную вайну

3 мая 2016 года ў ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага” прайшло другое мерапрыемства ў межах абласной акцыі “Чытаем разам” – “Летапіс вялікага Подзвігу”.

Удзельнікі мерапрыемства чыталі творы беларускіх пісьменнікаў, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Сярод чытальнікаў – Літвінскі Максім Віктаравіч, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце Гродзенскай пагранічнай групы, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, супрацоўнікі прадпрыемстваў горада, члены грамадскіх аб’яднанняў, студэнты, кадэты, школьнікі і інш.  З імправізаванай сцэны гучалі творы Аркадзя Куляшова, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Святланы Алексіевіч і інш. аўтараў, успаміны сведкаў тых жудасных падзей са зборніка “Ніколі не забудзем”.

Усе жадаючыя маглі пазнаёміцца з выставай ліатаратуры “Летапіс вялікага Подзвігу” і фотаэкспазіцыяй “Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, напісаць франтавое пісьмо і адправіць яго па “палявой пошце”, паслухаць ваенныя маршы ў выкананні Ваеннага аркестра 6 брыгады.

Для ветэранаў прагучала літаратурна-музычная кампазіцыя “Музы не молчали…”. Старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Карней А.А. уручыла ім падарункі.

Абласная акцыя “Чытаем разам” арганізавана галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” пры падтрымцы Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”, Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” і гісторыка-культурнага праекта УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы” “Жывая гісторыя”.