Сустрэча з гродзенскім публіцыстам У.Ягорычавым

21 кастрычніка 2018 года ў абанементным аддзеле прайшла сустрэча з Уладзімірам Яўгенавічам Ягорычавым. Гэта было чарговае мерапрыемства ў рамках грамадска-літаратурнай акцыі “Творы і творцы”, арганізаванай Гродзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я.Ф.Карскага.
Уладзімір Ягорычаў – публіцыст, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, лаўрэат Рэспубліканскага літаратурнага конкурса “Лепшы твор – 2009”, з’яўляецца актыўным членам Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Уладзімір Яўгенавіч размяшчае свае публіцыстычныя і гістарычныя творы ў розных зборніках, часопісах і газетах. Яго пяру належыць каля двух дзясяткаў кніг, прысвечаных тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны і айчыннай гісторыі XIX-XX стагоддзяў, і больш за 1 600 іншых публікацый.
У сваіх працах Уладзімір Яўгенавіч спасылаецца на канкрэтныя гістарычныя факты, уводзіць у навуковы абарот многія архіўныя дакументы, раней невядомыя. Немалаважна, што пры багацці фактычнага матэрыялу ў пісьменніка – “лёгкае пяро”, а таму чытаць яго працы не толькі вельмі пазнавальна і цікава, але і лёгка і камфортна. Аўтар падштурхоўвае чытача да разваг пра лёс Айчыны і дыялогу з гісторыяй, вучыць браць у яе ўрокі і выкарыстоўваць іх у жыцці. Сярод найбольш вядомых кніг – “На поворотах Отечественной истории”, “На крутых поворотах истории, или “Historia est magistra vitae!”, “Когда говорит история…”, “Что-то с памятью нашей стало”, “Многоликая КЛИО, или Наедине с исторической правдой”, “История в событиях и лицах: (взгляд через призму времени)”, “На переломе эпох”, “Продовольственная политика советской власти в Беларуси (1917- 920 гг.)”, “Правда и ложь на весах истории”, “Визиты в историю”.
Падчас сустрэчы ў бібліятэцы аўтара доўга не адпускалі слухачы, было зададзена шмат пытанняў пра падзеі, якія праходзілі напярэдадні і ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны, пра кнігі замежных і айчынных гісторыкаў, аб захаванні гістарычнай памяці, пра планы, задумкі і апошнія працы, дзе адлюстроўваліся пытанні эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця нашай краіны.

Яшчэ навіны: