“Творы і творцы”: сустрэча з гродзенскім празаікам Ірынай Фамянковай

22 верасня 2018 года ў аддзеле абанемента прайшла чарговая сустрэча ў рамках грамадска-літаратурнай акцыі “Творы і творцы”, арганізаванай Гродзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я.Карскага, дзе на гэты раз госцем была Ірына Васільеўна Фамянкова.
Ірына Фамянкова – ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, публіцыст, аўтар многіх кніг і шматлікіх артыкулаў у друку.
І. В. Фамянкова на працягу ўсяго свайго жыцця праяўляла цікавасць да творчасці, і асабліва – да літаратурнай: пісала вершы, нататкі, нарысы і апавяданні, якія публікаваліся ў перыядычным друку. З 2000 года яе творы з’явіліся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах “Новая Немига литературная”, “Дефектология”, “Женская газета”, «Перспектива”, у калектыўных зборніках “Галасы”, “Голос надежды”, і, вядома ж, у літаратурным альманаху Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ “На Нёманскай хвалі”.
У 2006 годзе свет убачыла першая кніга І.Фамянковай “Радости и печали”, у 2007 – другая кніга “Трепет листа”, у 2008 – “Улыбка утра”, у 2010 годзе – “Аромат белого налива”. Ірына Фамянкова натхненне для творчасці чэрпае з жаночых лёсаў. Гераіні яе лірычных, псіхалагічных і філасофскіх твораў – аповесцяў і апавяданняў, эссэ і нарысаў – умеюць пераадольваць цяжкасці і застаюцца Жанчынамі ў самым высокім сэнсе гэтага слова.
Падчас сустрэчы Ірына Васільеўна правяла прэзентацыю тэматычнай кніжнай серыі “Зоркі Гродзенскага спорту”, у якой першая кніга прысвечана чэмпіёнцы Паралімпійскіх гульняў Ядвізе Эдуардаўне Скарабагатай. Аўтар мае шмат планаў і спадзяванняў на тое, што ўсе яе кнігі дойдуць да чытача, будуць зразумелыя імі і прыняты.
На сустрэчы з гродзенскай пісьменніцай прысутнічала Валчэцкая Алена Уладзіміраўна – заслужаны майстар спорту, чэмпіёнка Гульняў XVIII Алімпіяды ў Токіо (Японія) 1964 г. у камандных спаборніцтвах, чатырохразовая чэмпіёнка СССР у апорным скачку, двухразовая – у практыкаваннях на бервяне, заслужаны трэнер БССР. Алена Уладзіміраўна ацаніла старанні аўтара і пажадала творчых поспехаў.
На працягу ўсяго мерапрыемства наведвальнікі вялі ажыўлённую гутарку з празаікам, задавалі цікавыя для іх пытанні: пра гісторыі стварэння аповесцяў, выбару назваў, асаблівасцяў кампазіцый. У канцы сустрэчы ўсе пажадалі Ірыне Васільеўне творчага натхнення і рэалізацыі намечаных планаў.