ІІ фестываль кнігі ў Гродне

15 верасня 2018 года ў межах святкавання 890-годдзя г. Гродна на тэрыторыі Гродзенскага гарадскога парка імя Ж.Э.Жылібера прайшоў ІІ фестываль кнігі “Кніжныя скарбы Беларусі”.
Падчас цырымоніі адкрыцця свята быў зачытаны прывітальны адрас міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Мікалаевіча Карлюкевіча. Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Віктараўна Куратчык урачыста залажыла сімвалічную закладку ў фестывальную кнігу, а таксама выказала надзею, што фестываль кнігі ў Гродне з кожным годам будзе расці і развівацца і стане адметнай падзеяй у жыцці Гродзеншчыны і Беларусі ў цэлым.
Гарадзенцы і госці горада Гродна з цікавасцю пазнаёміліся з праглядамі літаратуры “Я гэты край радзімаю заву…”, “Шэдэўры кніжнага мастацтва ХІІ-ХІХ стст.”, “Добрую кнігу дзецям”, на якіх былі прадстаўлены лепшыя дакументы з фонду Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага, у тым ліку – факсімільныя выданні. Шэраг выдавецтваў і друкарняў Рэспублікі Беларусь, сярод якіх: “Беларусь”, “Вышэйшая школа”, “Народная асвета”, “Выдавецкі дом “Звязда” і інш. прапанавалі на выставе-продажы навінкі айчыннай літаратуры.
Вялікую цікавасць у ўдзельнікаў фестывалю выклікала калекцыя самаробных лялек “Героі кніжных старонак”, якія падрыхтаваны рукамі жыхароў Гродзенскай вобласці для ўдзелу ў аднайменным конкурсе. 60 унікальных творчых прац, сярод якіх знакамітыя Паўлінка, Свіцязянка, Ассоль, Васіль Цёркін, дзед Талаш, Несцерка, Оле-Лукойе, Снежная каралева, Чырвоная шапачка, Соф’я Гальшаская, Баба-Яга і інш., радавалі людзей розных узростаў.
Акунуцца ў свет сучаснай літаратуры можна было падчас літаратурна-музычнай кампазіцыі з удзелам Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі “Ода любаму гораду” і сустрэчы з творцамі слова са сталіцы – Наталляй Касцючэнка і Лiзаветай Палеес. Усе жадаючыя змаглі таксама далучыцца да чытання, скарыстаўшыся “вольным мікрафонам”.
Добры настрой прысутным стваралі канцэртныя нумары ў выкананні навучэнцаў Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і прагляд урыўкаў са спектакляў Гродзенскага тэатра лялек па творах замежных аўтараў.
Усе жадаючыя змаглі прагуляцца па “Бібліятэчнай алеі”, дзе былі прадстаўлены фактаграфічныя экспазіцыі публічных бібліятэк Гродзенскай вобласці, прысвечаныя Году малой Радзімы. Тут, можна было “завітаць” у Белавежскую пушчу і пачаставацца яе дарамі, адправіцца ў соеасаблівае падарожжа па Аўгустоўскім канале, даведацца як выглядаў Навагрудак у старажытныя часы, пагутарыць са знакамітай беларускай пісьменніцай са Шчучыншчыны Цёткай, зрабіць фотаздымак на фоне “Старога Гродна” і праверыць свае веды па гісторыі абласнога цэнтра.
Інтэрактыўная пляцоўка “ПРО-Движение в Библиотеке” знаёміла з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, у т.л. праграмай “OSMO”, віртуальнай рэальнасцю і інш.
Самыя юныя гарадзенцы цікава бавілі час на дзіцячай пляцоўцы, дзе для іх працавалі лабараторыі інтэрактыўнага цэнтра навукі і тэхналогій Мультыцэнтра “Совушка”, забаўляльная праграма “Намалюем казку разам”, акцыя “Літаратурныя прадказанні”, а таксама гульні і конкурсы.
Вялікае кніжнае свята падаравала ўсім прысутным добры настрой, дзе кожны знайшоў для сябе нешта цікавае і самае галоўнае – лепшага сябра – кнігу!
Глядзі фотасправаздачу з ІІ-га фестывалю кнігі