“Мудрость обретаем от словес книжных”

Па благаславенню Высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага 20 снежня 2017 года прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы рарытэтных кніжных выданняў са збораў Гродзенскай епархіі “Мудрость обретаем от словес книжных”. Яна была прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Ідэя паказаць гродзенцам і шматлікім гасцям рарытэтныя выданні са сховішча Гродзенскай епархіі належыць дырэктару бібліятэкі Лідзіі Васільеўне Мальцавай. Унікальнасць яе ў тым, што многія экспанаты выстаўляюцца ўпершыню. Каштоўныя скарбы ніколі не бачыла публіка, нават святары не ведалі пра існаванне некаторых выданняў, і многія кнігі доўгі час не пакідалі сховішчаў праваслаўных храмаў.
Экспазіцыя ўключае ў сябе рукапісы, старадрукі і графічныя дакументы XVII – пач. XX стст. Самае ранняе выданне датуецца 1662 годам, а ўсяго на выставе знаходзіцца каля 100 кніг. Выстаўленыя дакументы можна ўмоўна падзяліць на літургічныя і маральна-багаслоўскія, ці бібліятэчныя. Большая частка экспанатаў – гэта кнігі, па якіх чыталі Слова Божае падчас багаслужэння. Ёсць сярод рарытэтаў асабісты малітоўнік аднаго з афіцэраў Гродзенскага гарнізона. У экспазіцыі некалькі выданняў екацярынінскіх часоў. Кнігі розных памераў, багата аформлены, большасць у акладах дастойных захаплення. На шматлікіх – вельмі цікавая эпіграфіка: пячаткі гродзенскіх дарэвалюцыйных бібліятэк, навучальных устаноў, аўтарскія подпісы. Прысутнічаюць кнігі, надрукаваныя на армянскай, грэчаскай, арабскай мовах. Разнастайная геаграфія іх выдання: Масква, Кіеў, Лондан, Вена, Санкт-Пецярбург, іншыя гарады свету. Напрыклад, рукапісны Скрутак малітваў беларускіх мусульман напісаны ў 1910 годзе на паперы, якая была выраблена на Добрушскай фабрыцы.
Настаяцель Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна протаіерэй Георгій Рой, выкарыстоўваючы мультымедыйную прэзентацію, падрабязна распавёў аб кожным з прадстаўленых экспанатаў. Звяртаюць на сябе ўвагу прыгожа аздабленыя напрастольныя евангеллі ў залатых і срэбных акладах з ужо разбураных Сафійскага сабору і Аляксандра-Неўскай царквы. Адін з найбольш цікавых экспанатаў, на погляд айца Георгія – фамільнае Евангелле Георгія і Зоі Раеўскіх, на вокладцы і старонках якога, а таксама паміж радкамі апісана ўсё жыццё сям’і з 1913 па 1983 гады. Гэта сапраўдная кніга лёсу. Напрыканцы айцец Георгій падараваў бібліятэцы першы афіцыйны беларускамоўны пераклад Новага Запавету.
Ганаровымі гасцямі на ўрачыстым адкрыцці былі прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: Кірэева Галіна Уладзіміраўна – загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства, Карнілава Таццяна Уладзіміраўна – галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства і Сапега Таццяна Андрэеўна – загадчык сектара навукова-праектнай работы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства. Кірэева Г.У. павіншавала ўсіх з адкрыццём выставы і адзначыла важнасць і значнасць гэтай падзеі.
Сілава С.В., кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДзУ імя Янкі Купалы раскрыла тэму прыхацкога жыцця і царкоўных кніг.
Акунуцца ў атмасферу духоўнасці дапамаглі выдатныя спевы ансамбля архіерэйскага хору Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, рэгент Юлія Шэпелева.