IV Шчорсаўскія навуковыя чытанні “Прыватныя кніжныя зборы: гісторыя і сучаснасць”

25 мая 2018 года ў вёсцы Шчорсы Навагрудскага раёна, былых уладаннях асветніка і гуманіста Яўхіма Храптовіча, адбыліся IV Шчорсаўскія навуковыя чытанні “Прыватныя кніжныя зборы: гісторыя і сучаснасць”, якія арганізавалі Навагрудскі раённы выканаўчы камітэт, Навагрудская цэнтральная раённая бібліятэка, Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага.
Шчарсоўскі край з’яўляецца асяродкам велічнай і багатай гісторыі. У знакамітае гістарычнае мястэчка з’ехаліся навукоўцы, краязнаўцы, супрацоўнікі бібліятэк і музеяў – прафесар Аляксей Пяткевіч, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Сяргей Амелька, супрацоўнікі Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прадстаўнікі ўстаноў культуры і адукацыі Навагрудчыны. У ходзе мерапрыемства разглядаліся пытанні гісторыі і сучаснага стану прыватных кніжных калекцый на Гродзеншчыне, значэнне і вартасць прыватных кнігазбораў, асаблівасці іх фарміравання, захавання і даследавання ў кантэксце кніжнай культуры Беларусі.
У межах навуковых чытанняў была арганізавана экскурсія ў сядзібу “Шчорсы” і экспазіцыю міні-музея міні-макетаў Навагрудскай раённай бібліятэкі “Страчаная спадчына”, было паказана тэатралізаванае прадстаўленне “Прыгоды Наваградскай лекаркі Саламеі Русецкай”. Падчас імпрэзы дзейнічалі кніжныя выстаўкі.