Старт акцыі “Чытаем разам”

 13 красавіка 2016 года ў ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага” дадзены старт абласной акцыі “Чытаем разам”, якая арганізавана галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і абласной бібліятэкай пры падтрымцы Навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы.

Першае мерапрыемства было прысвечана творчасці Кандрата Крапівы, народнага пісьменніка Беларусі, вядомага байкапісца і сатырыка, навуковага і грамадскага дзеяча. У сакавіку 2016 года споўнілася 120 гадоў з дня яго нараджэння.

Удзел у мерапрыемстве прынялі: першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі і галоўны рэдактар газеты “Гродзенская праўда” Павел Якаўлевіч Сухарукаў – у дзіцячым філіяле, пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Мікалаевіч Марозаў і начальнік упраўлення мастацтва, культурна-асветных устаноў, народнай творчасці і навучальных устаноў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама  Алена Віктараўна Клімовіч – у галоўным корпусе бібліятэкі.

У гэты дзень у дзіцячым філіяле і галоўным корпусе бібліятэкі гучалі байкі і вершы Кандрата Крапівы, якія чыталі ганаровыя госці і жадаючыя з прысутных. Некаторыя творы былі інсцэніраваны. Байку “Мурашка і Жук” чыталі па радках – такім чынам твору было падорана новае шматгалосае гучанне. Захапленне ў аўдыторыі выклікалі загадкі Дзеда Кандрата.

Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя “хорам” прачыталі знакамітую байку “Дзед і баба”.

Наступнае мерапрыемства ў межах абласной акцыі “Чытаем разам” пройдзе ў маі і будзе прысвечана Вялікай Айчыннай вайне.